У СНД міжнароднай алімпіядзе па фінансавай бяспецы нададуць статус штогадовай
Фота з архіва
5 кастрычніка, Мінск . Пазачарговае 18-е пасяджэнне Савета кіраўнікоў падраздзяленняў фінансавай разведкі дзяржаў – удзельніц Садружнасці Незалежных Дзяржаў прайшло ў Сочы. Аб гэтым БЕЛТА паведамілі ў прэс-службе Выканаўчага камітэта СНД.
У ім прынялі ўдзел прадстаўнікі Беларусі, Арменіі, Казахстана, Кыргызстана, Расіі, Таджыкістана і Узбекістана. У рабоце савета таксама ўдзельнічалі памочнік прэзідэнта Расіі па пытаннях дзяржаўнай службы і кадравай палітыкі Анатоль Серышаў і намеснік міністра навукі і вышэйшай адукацыі Расіі Дзмітрый Афанасьеў.
Пасяджэнне савета насуперак звычайнай практыцы не было прысвечана аператыўным пытанням. Нагодай для пазачарговай сустрэчы стала міжнародная алімпіяда па фінансавай бяспецы, фінальны этап якой прайшоў на федэральнай тэрыторыі “Сірыус”. Удзельнікі пасяджэння абмеркавалі тэматыку стварэння сэрвіснай навукова-адукацыйнай платформы міжнароднай алімпіяды па фінансавай бяспецы і азнаёміліся з аглядам сучасных рашэнняў сэрвісных платформ.
Удзельнікі сустрэчы падтрымалі ініцыятыву Расійскай Федэрацыі аб наданні міжнароднай алімпіядзе па фінансавай бяспецы статусу штогадовай. Гэта зроблена для прыцягнення ўвагі таленавітай моладзі да ключавых аспектаў фінансавай бяспекі і работы ў органах (падраздзяленнях) краін Садружнасці, што ўваходзяць у іх нацыянальныя антыадмывачныя сістэмы. Акрамя таго, міжнародная алімпіяда па фінансавай бяспецы вызначана ў якасці цэнтра сэрвіснай навукова-адукацыйнай платформы.
Члены савета згадзіліся з неабходнасцю пры правядзенні чарговай міжнароднай алімпіяды па фінансавай бяспецы разгледзець магчымасць заахвочвання пераможцаў і прызёраў з дзяржаў – удзельніц СНД, а таксама суправаджэння іх удзелу ў алімпіядзе і падтрымкі на нацыянальным узроўні.
Наступнае пасяджэнне савета плануецца правесці ў лістападзе 2021 года ў Расійскай Федэрацыі.