У ЕАЭС выпрацавана шэсць мер па рэагаванні на санкцыі
Ігар Петрышэнка. Фота з архіва
14 кастрычніка, Мінск . У ЕАЭС выпрацавана шэсць мер па рэагаванні на санкцыйны націск. Аб гэтым заявіў журналістам віцэ-прэм’ер Беларусі Ігар Петрышэнка па выніках праведзенага ў відэарэжыме пасяджэння Вышэйшага Еўразійскага эканамічнага савета,
“Гэта канкрэтныя падыходы, якія мы будзем прымяняць, запусціўшы гэты механізм”, – сказаў ён.
Ігар Петрышэнка нагадаў, што прыняцце ў рамках ЕАЭС адпаведнага рашэння першапачаткова было ініцыятывай Прэзідэнта Беларусі. “Яна была і на папярэднім пасяджэнні дэталёва абмеркавана, былі адпаведныя даручэнні экспертам Калегіі адпрацаваць, некалькі мы правялі на экспертным узроўні, двойчы гэта пытанне на Савеце ЕЭК разглядалася. І мы прыйшлі на гэтым этапе да кансэнсусу. Выпрацавана 6 мер, падпісана адпаведнае даручэнне кіраўнікамі дзяржаў. Яно будзе фармілазавана”, – расказаў віцэ-прэм’ер.
Паводле яго слоў, механізм работы будзе наступны: у выпадку паступлення звароту ад адной з дзяржаў-членаў, ён будзе аналізавацца, а аб падрыхтаваных прапановах будзе інфармавацца Вышэйшы Еўразійскі эканамічны савет, які прыме ўжо рашэнне аб запуску інструментарыю з шасці мер. “Маюцца на ўвазе кансультацыі, ацэнка шкоды, што наносіцца той краіне, якая церпіць ад эканамічных санкцый, і адпаведна мультыплікатыўнае ўздзеянне на ўвесь ЕАЭС, перагаворы з трэцімі краінамі і шэраг іншых напрамкаў. Гэта вельмі важна і вялікі крок, што мы будзем сапраўды калектыўна рэагаваць нашым інтэграцыйным утварэннем на неабгрунтаваны эканамічны націск розных краін”, – сказаў Ігар Петрышэнка.
Ён таксама ўпэўнены, што гэта не проста нейкая маральная падтрымка, а канкрэтныя напрамкі сумеснай работы. Не выключана, што ў далейшым падыходы і меры па сумесным рэагаванні на такія рэчы будуць удасканальвацца. “Думаю, гэта толькі першы этап. У далейшым – як будзе развівацца сітуацыя”, – адзначыў віцэ-прэм’ер.