Выплата ПДВ у краіне спажывання тавару: Петрышэнка і міністр ЕЭК абмеркавалі планы ў сферы электроннага гандлю
У час сустрэчы
13 кастрычніка, Мінск . У ЕАЭС плануюць унесці змяненні ў сферы электроннага гандлю, згодна з якімі ПДВ будзе выплачвацца ў краіне спажывання тавару. Аб гэтым ішла размова на сустрэчы намесніка прэм’ер-міністра Беларусі Ігара Петрышэнкі і члена Калегіі (міністра) па эканоміцы і фінансавай палітыцы Еўразійскай эканамічнай камісіі Руслана Бекетаева,
“Мы на пасяджэнні Савета ЕЭК 5 кастрычніка разглядалі пытанне спагнання ўскосных падаткаў пры трансгранічным электронным гандлі таварамі. Гэта актуальная тэма. Мы ўрэгулявалі пытанне, якое звязана са спагнаннем ПДВ пры ажыццяўленні паслуг, але электронны гандаль таварамі ў нашым інтэграцыйным аб’яднанні мы таксама павінны ў поўнай меры ўрэгуляваць, каб не было ніякіх шэрых схем”, – сказаў Ігар Петрышэнка.
Руслан Бекетаеў адзначыў, што раней сустрэўся з міністрам фінансаў, міністрам па падатках і зборах, кіраўніком мытнай службы Беларусі. “Мы таксама абмяркоўвалі пытанні, якія датычацца падаткаабкладання. Гэта вельмі важны аспект пры ўзаемным гандлі. Мы канструктыўна пагаварылі, зразумелі пазіцыю беларускага боку. Яна супадае з тымі прынцыпамі, якія мы падтрымліваем. Думаю, усё гэта выльецца ў змяненні ў галіне электроннага гандлю таварамі ў ЕАЭС. Размова ідзе аб тым, што ўскосныя падаткі (ПДВ) будуць выплачвацца па месцы спажывання тавару. Калі, дапусцім, нейкая электронная пляцоўка, зарэгістраваная ў любой з чатырох краін, будзе прадаваць прадукцыю грамадзянам Беларусі, то падаткі павінны выплачвацца ў краіне, у якой спажываецца тавар”, – праінфармаваў ён.
Ігар Петрышэнка таксама закрануў пытанне павелічэння разлікаў пры гандлі таварамі і паслугамі ў нацыянальных валютах. “Гэта найважнейшы элемент, над якім мы даўно працуем у ЕАЭС. Створана экспертная група высокага ўзроўню, вялікае значэнне мае яе дынамічная і выніковая работа. Мы краіна транзітная і экспартна арыентаваная, для нас вельмі важна, каб гэтыя разлікі ажыццяўляліся не праз рэзервовую сістэму (долары ЗША), а ўзаемным прызнаннем нацыянальных валют. Мы адкрытыя і гатовы больш актыўна працаваць над гэтай тэмай”, – падкрэсліў віцэ-прэм’ер.