“Святло рампы”: у Магілёве стартаваў прыём заявак на конкурс аматарскіх тэатраў
Фота з архіва
20 кастрычніка, Магілёў . У Магілёве стартаваў прыём заявак на конкурс аматарскіх тэатральных калектываў “Святло рампы”. У бягучым годзе мерапрыемства ўпершыню пройдзе ў дыстанцыйным фармаце, расказалі ў Магілёўскім гарадскім цэнтры культуры і вольнага часу.
“Конкурс стаў адной з яркіх падзей у культурным жыцці нашага горада, – расказалі ў Цэнтры культуры і вольнага часу. – Ён садзейнічае фарміраванню эстэтычнага густу з дапамогай тэатральнага мастацтва, а таксама выяўленню новых творчых калектываў і адораных выканаўцаў”.
У гэтым годзе для ўдзелу ў фестывалі неабходна да 15 лістапада падаць заяўку на электронны адрас арганізатараў svet_rampi@mail.ru і прыкласці да яе відэаматэрыял спектакля. Мантаж і накладанне гукавых эфектаў у відэазапісы не дапускаецца. Аб’яўленне вынікаў і ўзнагароджванне пераможцаў конкурсу адбудзецца не пазней за 15 снежня 2021 года.
Па традыцыі пераможцам дастанецца сувенір-эмблема форуму – лямпа з лятаючым матыльком. Яго аўтар – рэжысёр народнага беларускага тэатра “Валянцін” Алег Загароўскі.
Фестываль заснаваны ў 2000 годзе і праводзіцца раз у два гады па ініцыятыве ўпраўлення культуры Магілёўскага гарвыканкама. Яго арганізатарам выступае гарадскі Цэнтр культуры і вольнага часу. З кожным годам геаграфія творчых калектываў, якія прымаюць удзел у мерапрыемстве, пашыраецца. На магілёўскай сцэне ўжо выступалі прадстаўнікі Беларусі, Расіі, Украіны і Літвы. За час правядзення фестываль адкрыў гледачу дзясяткі таленавітых рэжысёраў і акцёраў, якія традыцыйна дэманструюць творчы патэнцыял у такіх намінацыях, як “Лепшы спектакль”, “Лепшая рэжысёрская работа”, “Лепшая жаночая роля” і “Лепшая мужчынская роля”.