Спецыялісты з Іарданіі і Нігерыі павысілі кваліфікацыю на базе ўніверсітэта МНС
Фота з архіва
18 кастрычніка, Мінск . Дванаццаць спецыялістаў Генеральнай дырэкцыі грамадзянскай абароны Іарданскага Хашыміцкага Каралеўства павысілі сваю кваліфікацыю на базе Міжнароднага цэнтра падрыхтоўкі ратавальнікаў (IRT centre) Універсітэта грамадзянскай абароны МНС у Барысаўскім раёне. Яны прайшлі падрыхтоўку па праграме “Кіраванне выратавальнымі і проціпажарнымі аперацыямі ў надзвычайных сітуацыях”. Аб гэтым БЕЛТА паведаміў афіцыйны прадстаўнік Універсітэта грамадзянскай абароны МНС Андрэй Садоўскі.
У ходзе абучэння на палігоне аператыўна-тактычнай падрыхтоўкі ратавальнікаў са слухачамі з Іарданіі практычна адпрацаваны элементы тушэння пажараў на аб’ектах захоўвання нафтапрадуктаў і газу, алгарытмы правядзення аварыйна-выратавальных работ у зоне землетрасенняў, аварыйна-выратавальныя работы на транспарце. У рамках выязных заняткаў слухачы наведалі рэспубліканскі атрад спецыяльнага прызначэння “ЗУБР” і дзяржаўную авіяцыйную аварыйна-выратавальную ўстанову “Авіяцыя” МНС.
На базе Міжнароднага цэнтра падрыхтоўкі ратавальнікаў Універсітэта грамадзянскай абароны МНС з 2010 года падрыхтоўку прайшлі 618 прадстаўнікоў з Іарданіі.
Акрамя таго, 12 спецыялістаў Федэральнай пажарнай службы Нігерыі на працягу тыдня павысілі сваю кваліфікацыю ў правядзенні аварыйна-выратавальных работ у вышынных будынках. У ходзе курса падрыхтоўкі спецыялісты з Нігерыі вывучылі пытанні арганізацыі аховы працы пры рабоце на вышыні, а таксама алгарытмы выкарыстання альпінісцкага рыштунку і абсталявання пры правядзенні аварыйна-выратавальных работ. Акрамя таго, нігерыйскія калегі адпрацавалі алгарытмы пад’ёму і спуску з верхніх паверхаў будынкаў пры дапамозе выратавальнай вяроўкі, навучыліся арганізоўваць і праводзіць эвакуацыю пацярпелых.
Падрыхтоўка спецыялістаў з Нігерыі ўніверсітэтам МНС вядзецца з 2012 года. За гэты час на базе Міжнароднага цэнтра падрыхтоўкі ратавальнікаў УГА абучыліся 88 чалавек.