Савет ЕЭК зацвердзіў дарожную карту па ўстараненні выключэнняў і абмежаванняў на ўнутраным рынку ЕАЭС
Фота з архіва
5 кастрычніка, Масква /Эдуард Півавар . Савет Еўразійскай эканамічнай камісіі сёння на пасяджэнні зацвердзіў план (дарожную карту) па ўстараненні выключэнняў і абмежаванняў на ўнутраным рынку Еўразійскага эканамічнага саюза, паведамілі ў ЕЭК.
Выканаць дарожную карту плануецца да канца 2022 года. Дакумент уключае 35 мерапрыемстваў. У выніку намечана ўстараніць 14 перашкод: 13 абмежаванняў і адно выключэнне. У гэтым спісе, у прыватнасці, перашкоды, звязаныя з прызнаннем дакументаў аб вучоных ступенях і званнях, вадзіцельскіх пасведчанняў, абарачэннем моцнадзейных рэчываў і культурных каштоўнасцей, а таксама іншыя значныя перашкоды на ўнутраным рынку саюза.
“Вынік плённай работы камісіі і прадстаўнікоў органаў дзяржаўнай улады краін саюза адлюстраваны ў новай дарожнай карце. Гэта адзін з ключавых дакументаў сярэднетэрміновага стратэгічнага планавання, які накіраваны на ўстараненне найбольш значных перашкод, акрэсленых кіраўнікамі урадаў краін ЕАЭС. Рэалізацыя дарожнай карты забяспечыць развіццё і пашырэнне інтэграцыйных працэсаў, зрабіўшы функцыянаванне ўнутранага рынку саюза яшчэ больш устойлівым”, – пракаменціраваў прынятае рашэнне член Калегіі (міністр) па ўнутраных рынках, інфарматызацыі, інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогіях ЕЭК Гегам Варданян.
У ЕЭК дадалі, што даклад аб першых выніках рэалізацыі дарожнай карты будзе прадстаўлены на пасяджэнні Еўразійскага міжурадавага савета ўжо ў лістападзе бягучага года.