Рацыён з высокай колькасцю солі можа актывізаваць імунітэт да анказахворванняў
4 кастрычніка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Рацыён з высокай колькасцю солі актывізуе імунітэт да анкалагічных захворванняў. Да такой высновы ў выніку даследаванняў прыйшла група вучоных з Індыі, паведамляе выданне Сібірскага аддзялення РАН “Навука з першых рук”.
Меркаванне, што соль (хларыд натрыю) уплывае на рост ракавых клетак, было ўпершыню выказана амаль сто гадоў таму – яшчэ ў 1933 годзе. Але толькі апошнія гады на лабараторных мышыных мадэлях раку было паказана, што рацыён, у якім вялікая колькасць солі, змяншае пухлінны рост. Аднак механізмы гэтага феномену дагэтуль былі практычна не вывучаны.
Каб запоўніць гэты прабел, вучоныя з Індыі імплантавалі лабараторным мышам клеткі меланомы (злаякаснае ўтварэнне скуры), якія развіваліся ў пухліны. Адна група такіх мышэй атрымлівала ежу са звычайнай (0,9 працэнта) колькасцю солі, другая – на 1 працэнт вышэй за норму, для трэцяй групы была прадугледжана высокасалявая дыета (на 4 працэнты вышэй за норму).
У першых дзвюх групах узровень іонаў натрыю ў крыві быў больш як на трэць ніжэйшы ў параўнанні са здаровымі жывёламі. У трэцяй групе, якая атрымлівала высокасалявую дыету, узровень натрыю аднавіўся да нормы. У гэтых мышэй быў падаўлены рост пухлін, якія да таго ж давалі менш метастазаў, а выжывальнасць была вышэйшая.
Аказалася, што ў мышэй, якія ўжывалі шмат солі, больш актыўна працавалі NK-клеткі – лімфацыты, якія ўмеюць распазнаваць і знішчаць пухлінныя клеткі, першая прыродная лінія абароны арганізма. Звычайна пры развіцці ракавых пухлін актыўнасць гэтых імунных клетак падаўляецца, аднак высокасалявая дыета ў гэтым выпадку давала ахоўны эфект.
На гэтым вучоныя не спыніліся. Як вядома, на лімфацытах ёсць асаблівыя рэцэптары (PD-1), якія актывізуюцца пры сустрэчы з пухліннымі антыгенамі. Менавіта такія імунныя клеткі пачынаюць знішчаць ракавую пухліну. Але пухліна ўмее абараняцца: яна стварае малекулы, якія звязваюцца з PD-1 і такім чынам спыняюць размнажэнне “лімфацытаў-забойцаў”. Таму пры адным з варыянтаў імунатэрапіі раку хворым уводзяць антыцелы да PD-1, якія абараняюць імунныя клеткі ад уздзеяння пухліны. Аказалася, што калі такую тэрапію ў мышэй спалучаць з высокасалявой дыетай, то скорасць росту меланомы ў іх зніжаецца ў 10 разоў.
Пакуль эксперыменты праводзіліся толькі на мышах, аднак у будучым вучоныя плануюць вывучыць уплыў высокасалявой дыеты на імунатэрапію раку ў людзей.-0-