Прадпрыемствы Арэнбургскай вобласці зацікаўлены ў заключэнні транзітных здзелак на БУТБ
Фота з архіва
23 верасня, Мінск . Цікавасць да выкарыстання беларускай біржавой пляцоўкі для выхаду на рынкі краін блізкага і далёкага замежжа праявілі кіраўнікі шэрага прадпрыемстваў Арэнбургскай вобласці (Расія) падчас наведвання цэнтральнага офіса Беларускай універсальнай таварнай біржы, паведаміў прэс-сакратар БУТБ Раман Яніў.
У прыватнасці, Паўднёва-Уральскі завод магніевых злучэнняў (найбуйнейшы ў Расіі вытворца 7-воднага сульфату магнію) разглядае магчымасць рэалізацыі праз БУТБ усёй лінейкі сваёй прадукцыі. Пры гэтым перспектыўным рынкам збыту можа стаць Украіна, якая ўваходзіць у пяцёрку краін з найбольшай колькасцю акрэдытаваных на біржы кампаній.
Першы намеснік старшыні праўлення БУТБ Андрэй Новікаў выказаў гатоўнасць аказаць арэнбургскаму прадпрыемству неабходнае садзейнічанне па рэалізацыі сульфату магнію ў трэція краіны, тым больш што біржа ўжо мае значны вопыт такога ўзаемадзеяння з расійскімі кампаніямі.
“Ва Украіне ў нас ёсць амаль 350 акрэдытаваных удзельнікаў, у тым ліку шэраг вядучых сельгаспрадпрыемстваў краіны. Аднак, на мой погляд, не варта абмяжоўвацца толькі гэтым рынкам. З вялікай доляй верагоднасці мы зможам знайсці пакупнікоў для вашай прадукцыі і ў іншых краінах. Вопыт такой работы ў нас ужо ёсць. Да таго ж у плане заключэння транзітных здзелак расійскія кампаніі на сённяшні дзень адны з самых актыўных – за восем месяцаў 2021 года сума такіх транзакцый склала $5,5 млн”, – адзначыў прадстаўнік біржы.
Візіт арганізаваны па ініцыятыве Гандлёвага прадстаўніцтва Расійскай Федэрацыі ў Беларусі і Цэнтра падтрымкі экспарту Арэнбургскай вобласці.
ААТ “Беларуская ўніверсальная таварная біржа” створана ў 2004 годзе. Першыя таргі прайшлі ў чэрвені 2005 года. БУТБ – адна з найбуйнейшых таварных біржаў ва Усходняй Еўропе. Галоўная функцыя біржы – садзейнічанне беларускім прадпрыемствам у экспарце прадукцыі і дапамога замежным кампаніям у выхадзе на беларускі рынак. На біржы прадаюцца метала-, леса-, сельгаспрадукцыя, прамысловыя і спажывецкія тавары шырокай наменклатуры.