Парк мініяцюр страчаных славутасцей стварылі ў Іванаве
Фота zarya.by
5 кастрычніка, Брэст . У Іванаве Брэсцкай вобласці стварылі ландшафтна-культурны парк макетаў страчаных аб’ектаў гісторыка-культурнай спадчыны,
Парк размясціўся ў цэнтры Іванава. Паводле задумы, адсюль турысты могуць пачаць знаёміцца з горадам і раёном. Дамінанта – шэсць мініяцюрных славутасцей. Макеты вызначаюцца дакладнасцю архітэктурных дэталей. Над імі працавала група майстроў пад кіраўніцтвам гродзенскага эксперта Ігара Лапехі. Копіі гістарычных будынкаў стварылі на аснове архіўных дакументаў і малюнкаў Напалеона Орды, маштаб работ – 1:10. Мініяцюры зроблены з водаўстойлівых палімерных матэрыялаў.
У парку можна палюбавацца копіяй гаспадарскага дома сядзібы Дастаеўскіх. Яе неаднаразова перабудоўвалі, мяняліся і яе ўладальнікі. У 1943 годзе сядзібу знішчылі гітлераўцы, а затым разабралі мясцовыя жыхары на бытавыя патрэбы. Таксама майстры стварылі макет палацава-паркавага ансамбля Навашыцы ў аграгарадку Дастоева. Цяпер пра былую сядзібу нагадваюць толькі рэшткі старога парку, каналы і фундаменты. Яшчэ адна славутасць у мініяцюры – фамільная рэзідэнцыя Скірмунтаў у вёсцы Моладава. Можна ўбачыць, як выглядала летняя рэзідэнцыя Войцаха Пуслоўскага: на беразе возера Завышанскага ён пабудаваў сапраўдны палац. У час Другой сусветнай вайны будынак быў разбураны.
Там жа знаходзіцца мініяцюрны сядзібны дом маёнтка Напалеона Орды, арыгінал размешчаны ва ўрочышчы Чырвоны Двор. Славутую мясціну ўдалося аднавіць. Цяпер афармляюць экспазіцыю, якую хутка адкрыюць для наведвальнікаў.
Ёсць і макет дома Хаіма Вейцмана. Малая радзіма першага прэзідэнта Ізраіля знаходзіцца ў аграгарадку Моталь. Статусу музея ў дома Вейцмана няма, але там ёсць некаторыя экспанаты.
“Хочам паказаць, што наша зямля мае багатую гістарычную спадчыну. Кожны з аб’ектаў абазначаны QR-кодам, які адсылае на сайт цэнтральнай раённай бібліятэкі. Бачым, што людзі цікавяцца гэтымі аб’ектамі. Некаторыя з іх сталі нават для мясцовых жыхароў сюрпрызам”, – расказала дырэктар Цэнтральнай раённай бібліятэкі імя Ф.І.Панфёрава Алена Данількевіч.
Знешні выгляд парку пакуль не завершаны. Там яшчэ прадоўжаць добраўпарадкаванне, установяць інфармацыйныя стэнды.