НАН: з-за глабальнага пацяплення азімыя культуры маюць перавагі ў параўнанні з яравымі
Фота з архіва
Навіны сюжэта
“Пасяўная кампанія”
У Беларусі засталося засеяць менш за 15 працэнтаў плошчаў азімых
Яравая сяўба завяршаецца ў Беларусі
6 кастрычніка, Мінск . З-за глабальнага пацяплення азімыя культуры маюць перавагі ў параўнанні з яравымі. Такое меркаванне газеце “Беларусь сегодня” выказаў першы намеснік генеральнага дырэктара Навукова-практычнага цэнтра Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі па земляробстве Эрома Урбан.
“Чаму цяпер сяўба азімых збожжавых культур набывае асаблівую значнасць? Доўгі час азімыя і яравыя ў нашай краіне высейваліся прыкладна пароўну. Але ў апошнія гады з-за глабальнага пацяплення ўсё часцей сталі праяўляцца засухі. У сувязі з гэтым Мінсельгасхарчам сумесна з Нацыянальнай акадэміяй навук распрацавана Стратэгія адаптацыі сельскай гаспадаркі да змянення клімату. У ёй сярод іншых напрамкаў акцэнтавана ўвага і на неабходнасці павелічэння плошчаў пад азімыя збожжавыя”, – адзначыў эксперт.
Паводле яго слоў, гэтыя культуры маюць перавагі ў параўнанні з яравымі. “Пасеяныя ў аптымальныя тэрміны азімыя пры ўнясенні неабходнай колькасці калійных і фосфарных угнаенняў набіраюць добры патэнцыял і лягчэй пераносяць веснавую і летнюю няхватку вільгаці, а таксама павышаныя тэмпературы. У выніку даюць ураджай значна большы, чым яравыя. Адначасова рэкамендуем шырэй выкарыстоўваць засухаўстойлівыя культуры: азімае дыплоіднае жыта, проса, чумізу, баркун, рутвіцу, эспарцэт, азімую свірэпіцу і іншыя, – падкрэсліў Эрома Урбан. – Вучоныя таксама заняты стварэннем новых сартоў. Для селекцыі выкарыстоўваецца генафонд сельскагаспадарчых культур з іншых рэгіёнаў, у прыватнасці Расіі, дзе ёсць больш востры, чым у Беларусі, дэфіцыт вільгаці і дзеянне высокіх тэмператур у працэсе вегетацыі. Селекцыянеры выкарыстоўваюць яго ў рабоце, скрыжоўваючы з беларускімі сартамі, для таго каб стварыць свае, вынослівыя да высокіх тэмператур і дэфіцыту вільгаці”.
Спецыяліст лічыць, што вырашыць праблемы, звязаныя з пацяпленнем, дапамагае таксама вырошчванне кукурузы на зерне. “Калі ў 1995 годзе на гэтыя мэты высейвалі дзве тыс. гектараў, то ў бягучым 241 тыс. Апошнім часам зерне кукурузы атрымліваюць нават у Віцебскай вобласці, а агульны аб’ём па краіне перасягнуў мільён тон за год у свірнавай вазе. Змяненні клімату прывялі і да павелічэння плошчаў такіх некалі амаль не сустракаемых у Беларусі культур, як кавуны, дыні, абрыкосы, персікі, вінаград, не толькі для сябе, але і ў паўпрамысловых і нават прамысловых маштабах. Цяпер ставіцца задача яшчэ больш нарасціць іх вытворчасць”, – рэзюмаваў першы намеснік генеральнага дырэктара НПЦ НАН па земляробстве.