Лукашэнка: надышоў час рэвізаваць адносіны Беларусі і Венесуэлы | Навіны Беларусі | Беларускія навіны | Беларусь – афіцыйныя навіны | Мінск | БелТА
У час сустрэчы
7 кастрычніка, Мінск . Надышоў час рэвізаваць адносіны Беларусі і Венесуэлы і выбудаваць яшчэ больш моцнае супрацоўніцтва. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў сёння на сустрэчы са спецыяльным пасланнікам Прэзідэнта Венесуэлы Аданам Чавесам Фрыясам,
“У Беларусі не проста вельмі добра ведаюць, памятаюць нашага сябра – твайго брата (Адан Чавес – старэйшы брат былога Прэзідэнта Венесуэлы Уга Чавеса. – Заўвага ). Добра, што ты прыехаў у гэты час, ёсць аб чым пагаварыць, ёсць агульныя пытанні, якія мы павінны абмеркаваць. І адразу ж хачу сказаць, што справа не ў тых санкцыях, якія ўведзены супраць Венесуэлы і Беларусі. Абсалютна не. У нас ёсць вельмі сур’ёзная, магутная база і фундамент нашага супрацоўніцтва, закладзеныя яшчэ ў часы Чавеса, Мадуры (цяперашні Прэзідэнт Венесуэлы Нікалас Мадура. – Заўвага ). Трэба шчыра сказаць, што і Венесуэла, і Беларусь слаба карыстаюцца тымі перавагамі, якія былі створаны шмат гадоў таму”, – сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Паводле слоў кіраўніка дзяржавы, краінам ёсць на што абаперціся, каб у сучасных умовах процідзейнічаць любым атакам. “Мы поўныя рашучасці дзейнічаць у гэтым напрамку. Думаю, надышоў час рэвізаваць нашы адносіны і выбудаваць яшчэ больш моцныя адносіны. Гэта дзіўна, што мы маем у гандлёва-эканамічнай сферы адносіны такога ўзроўню. Пры гэтым усё, што ёсць у Венесуэле, патрэбна Беларусі. Тое, што ёсць у Беларусі, патрэбна ў Венесуэле, – адзначыў Прэзідэнт. – Нам трэба выбудаваць план аднаўлення нашых інтэнсіўных адносін і рэалізаваць яго ў бліжэйшыя два-тры гады”.
Адан Чавес у сваю чаргу заявіў, што для яго заўсёды вялікі гонар сустрэцца з Прэзідэнтам Беларусі і падзякаваць за падтрымку венесуэльскай дзяржавы. “Будзьце ўпэўнены, што венесуэльскі народ у адносінах да беларускага народа адчувае такія ж эмоцыі. Спадар Мадура перадае вам вялікае прывітанне. Нашы адносіны да беларускага народа не змяніліся, паколькі ў сваёй большасці венесуэльскі народ – гэта “чавіскі народ”. Ён з такой жа любоўю адносіцца да вас”, – сказаў спецпасланнік.
Як паведамлялася, Адан Чавес Фрыяс у гэтыя дні наведвае Беларусь. У праграме візіту спецпасланніка Прэзідэнта Венесуэлы – сустрэча са старшынёй Савета Рэспублікі Наталляй Качанавай і старшынёй Палаты прадстаўнікоў Уладзімірам Андрэйчанкам. Як чакаецца, венесуэльскі госць выступіць з лекцыяй у БДУ і прыме ўдзел у адкрыцці выстаўкі “Трансатлантык арт-месідж” у Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі.
Раней Адан Чавес Фрыяс ужо наведваў Беларусь. У кастрычніку 2017 года ён увайшоў у склад урадавай дэлегацыі ў рамках візіту Прэзідэнта Венесуэлы Нікаласа Мадуры.