Ксенія Галецкая пра перамогу на Sanremo Junior у Італіі: рада прывезці ўзнагароду ў любімую Беларусь
18 кастрычніка, Мінск . Вельмі рада, што прывезла ўзнагароду ў любімую Беларусь, заявіла сёння журналістам пераможца міжнароднага музычнага конкурсу Sanremo Junior у Італіі Ксенія Галецкая,
“Я разумею, наколькі прэстыжна прадстаўляць Беларусь на такім маштабным конкурсе, і для мяне гонар перамагчы ў ім. Я вельмі рада, што прывезла перамогу ў любімую Беларусь, – сказала Ксенія Галецкая. – Атрымала шмат станоўчых эмоцый – гэта чароўныя моманты”.
Удзел у міжнародным конкурсе для юнай артысткі – важная падзея. Перад выступленнем Ксенія доўга рыхтавалася і была настроена на перамогу. “Калі паставіць мэту, вельмі шмат працаваць, то абавязкова яе дасягнеш. Наша вялікая каманда зрабіла гэта, – падкрэсліла яна. – За кулісамі крыху хвалявалася, бо разумела: трэба зрабіць усё, каб максімальна выкласціся перад публікай. Калі выйшла на сцэну і ўбачыла залу, то адчула вялікую падтрымку з роднай Беларусі. Мне гэта дапамагло выступіць на 100 працэнтаў. Я ўдзячна за гэта”.
“Паколькі мне ўжо 14, я выходжу з дзіцячай лігі конкурсаў і пераходжу ў дарослую. Там ужо буду заваёўваць новыя вяршыні”, – падзялілася планамі спявачка.
Ксенія Галецкая пачала творчы шлях у шэсць гадоў. У 2015 годзе стала фіналісткай пятага сезона дзіцячага музычнага конкурсу тэлеканала АНТ “Я спяваю” і затым з канцэртным турам праекта выступіла ў гарадах Беларусі і Славакіі. Са жніўня 2018 года спявачка займаецца ў студыі мастацтваў прадзюсарскага цэнтра “Спамаш” Malinovka by Spamash.
Юная артыстка спявала на найбуйнейшых канцэртных пляцоўках краіны, мае аўтарскі відэакліп і вялікі арыгінальны рэпертуар, які складаецца з кампазіцый на беларускай, рускай і англійскай мовах. У 2019 годзе паспяхова прадставіла Беларусь на XVII Міжнародным дзіцячым музычным конкурсе “Віцебск-2019” і заваявала Гран-пры гэтага вакальнага форуму. У тым жа годзе Ксенія стала лаўрэатам Спецыяльнага фонду Прэзідэнта Беларусі па падтрымцы таленавітай моладзі.