Краіны ЕАЭС пачнуць работу па ўзаемным прызнанні ЭЛП пры дзяржзакупках
Фота з архіва
12 кастрычніка, Масква /Эдуард Півавар . Калегія Еўразійскай эканамічнай камісіі прыняла план узаемнага прызнання электроннага лічбавага подпісу краінамі Еўразійскага эканамічнага саюза пры дзяржаўных закупках, паведамілі ў прэс-службе ЕЭК.
Прыняцце плана прадугледжана мерапрыемствамі па рэалізацыі стратэгічных напрамкаў еўразійскай эканамічнай інтэграцыі да 2025 года. Паводле слоў члена Калегіі (міністра) па канкурэнцыі і антыманапольным рэгуляванні ЕЭК Армана Шакаліева, узаемнае прызнанне электроннага лічбавага подпісу – адно з самых абмяркоўваемых і значных пытанняў у сферы дзяржаўных закупак. “План прадугледжвае шэраг сапраўды ключавых мерапрыемстваў, рэалізацыя якіх дасць магчымасць нарэшце зняць бар’ер, які даўно існуе ў саюзе, і забяспечыць бесперашкодны доступ патэнцыяльных пастаўшчыкоў да ўдзелу ў закупках”, – сказаў ён.
Экспертам ЕЭК сумесна з прадстаўнікамі ўпаўнаважаных органаў дзяржаў – членаў ЕАЭС удалося ўрэгуляваць праблемныя пытанні і прыйсці да кансэнсусу па мерапрыемствах, уключаных у падагульняючы дакумент. “Будучы фронт нашай сумеснай работы – распрацоўка адзіных правіл узаемнага прызнання электроннага лічбавага подпісу і праверкі яго сапраўднасці, а таксама патрабаванняў да саміх электронных лічбавых подпісаў. Гэтыя правілы плануем прыняць на працягу двух гадоў. Паралельна будзе весціся работа па ўдасканаленні права саюза: Дагавора аб ЕАЭС, рэгламенту работы ЕЭК, паколькі патрабуецца надзяліць Савет камісіі паўнамоцтвамі па зацвярджэнні правіл узаемнага прызнання электроннага лічбавага подпісу, а таксама скарэкціраваць парадак ажыццяўлення дзяржзакупак для максімальнай лічбавізацыі закупачных працэсаў”, – пракаменціраваў рашэнне Арман Шакаліеў.
Акрамя таго, у план увайшлі пункты, якія прадугледжваюць вызначэнне краінамі-ўдзельніцамі ўпаўнаважаных органаў, адказных за прадастаўленне ЕЭК інфармацыі па пытаннях прызнання замежнага электроннага лічбавага подпісу. Размова ідзе аб давераных трэціх баках, якія ажыццяўляюць праверку сапраўднасці, сертыфікаваных сродках электроннага лічбавага подпісу і сродках крыптаграфічнай абароны інфармацыі, што выкарыстоўваюцца для забеспячэння ўдзелу патэнцыяльных пастаўшчыкоў у закупках.