Без рубрики

Кнігу “Млынарства ў Беларусі: гісторыя і сучаснасць” прэзентавалі ў НББ


Фота НББ

8 кастрычніка, Мінск . У Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі прэзентавалі кнігу пра багацце архітэктуры вадзяных млыноў Францішка Жылкі “Млынарства ў Беларусі: гісторыя і сучаснасць”,

У выданні адлюстравана гісторыя мукамольнай справы Беларусі, праілюстраваная амаль 500 даўнімі і сучаснымі фатаграфіямі. Апісаны цікавыя тэхнічныя і гістарычныя дэталі, а таксама выкарыстаны матэрыялы з успамінаў нашчадкаў беларускіх млынароў.

“Прыемна, што ў Беларусі існуюць такія людзі, як Францішак Жылка. Ён дабіўся поспеху ў асабістай справе – зрабіў бізнес у Мінску, і пры гэтым прадаўжае з цеплынёй адносіцца да сваёй малой радзімы: аднавіў млын, стварыў музей побыту, пабудаваў капліцу святога Францішка для тых людзей, якія не могуць наведаць касцёл з-за свайго ўзросту. Хочацца пажадаць яму невычэрпнай энергіі, каб ён і далей прадаўжаў даследчую дзейнасць”, – сказала генеральны дырэктар НББ Аксана Кніжнікава.

Францішак Жылка склаў фотатэку здымкаў пачатку ХХІ стагоддзя, на якіх зафіксавана багацце архітэктуры вадзяных млыноў, іх гарманічнае спалучэнне з навакольным асяроддзем. “Гэта кніга краязнаўчая, таму там усё рэалістычна. Я ставіў перад сабой мэту апісаць стан старога млынарства на пачатак ХХІ стагоддзя”, – падкрэсліў аўтар выдання.

Як адзначыў старшыня Беларускага фонду культуры Тадэвуш Стружэцкі, тэматыка і праблематыка кнігі актуальная, бо вадзяныя млыны – гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі. “Яны былі не толькі прамысловымі аб’ектамі, але і важнымі сацыяльна-культурнымі збудаваннямі. Каля іх збіраліся людзі, каб падзяліцца навінамі, абмеркаваць праблемы і іншыя надзённыя пытанні, – падкрэсліў Тадэвуш Стружэцкі. – Кніга будзе карысная краязнаўцам-даследчыкам у справе вывучэння і абнаўлення мясцовых млыноў, а таксама экскурсаводам і нават турыстычным фірмам. Выданне прыйдзецца даспадобы педагогам гісторыі і геаграфіі”.

“Аўтар падняў цэлы гістарычны пласт і ацаніў тую гаспадарчую дзейнасць, якая на працягу некалькіх соцень гадоў вызначала галоўны напрамак развіцця нашай краіны. Мала хто ўспамінае, што ў 1914 годзе Беларусь была адным з экспарцёраў жыта і мукі, былі нават мукамольныя камбінаты рознага напрамку, – падзяліўся кандыдат геаграфічных навук, дацэнт кафедры фізічнай геаграфіі свету і адукацыйных тэхналогій БДУ Аляксей Яротаў. – Кніга спатрэбіцца даследчыкам, студэнтам, выкладчыкам і школьнікам, паколькі гэта сапраўдны дапаможнік у справе па стварэнні зялёных турыстычных маршрутаў і, самае галоўнае, яшчэ адна цаглінка ў імідж нашай краіны, які мы ствараем усе разам”.

Акрамя таго, бібліятэка падрыхтавала экспазіцыю, у якую ўвайшлі іншыя творы Францішка Жылкі, а таксама выданні, прысвечаныя млынарству ў Беларусі.

Францішак Жылка – ураджэнец Смаргонскага раёна, мецэнат, даследчык-краязнавец, аўтар кнігі “Вілія вачыма вандроўніка: краязнаўчыя нарысы” (2012), складальнік выдання “Мае ўспаміны” (2018).

Источник

Похожие статьи

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Кнопка «Наверх»
Закрыть