Без рубрики

Каманда БДУ заваявала серабро на чэмпіянаце свету па праграмаванні


Фота з архіва

6 кастрычніка, Мінск . Каманда ФПМІ БДУ стала сярэбраным прызёрам на чэмпіянаце свету па праграмаванні сярод студэнтаў (ICPС). Аб гэтым БЕЛТА паведамілі ў прэс-службе ВНУ.

“Інтрыга аднаго з самых статусных спаборніцтваў у галіне ІТ вырашылася ў Маскве. У склад зборнай БДУ ўвайшлі выпускнікі Ягор Дубовік, Фёдар Карабейнікаў і чацвёртакурснік Аляксандр Кернажыцкі. Яны рашылі 11 задач з 15 прапанаваных. Сярэбраны медаль стаў каласальным прарывам беларусаў. Апошняя ўзнагарода чэмпіянату свету імі была заваявана ў 2013 годзе. Дарэчы, юнакі з БДУ ўвайшлі ў чацвёрку сярэбраных прызёраў, сярод якіх таксама былі студэнты з Вроцлаўскага ўніверсітэта (Польшча), Кембрыджскага ўніверсітэта (Вялікабрытанія), Бухарэсцкага ўніверсітэта (Румынія). Трэнерамі зборнай БДУ выступілі загадчык кафедры дыскрэтнай матэматыкі і алгарытмікі ФПМІ Уладзімір Котаў і старшы выкладчык кафедры вылічальнай матэматыкі Аляксей Толсцікаў”, – расказалі ў прэс-службе.

Па правілах ICPС у фінале разыгрывалася 12 прызавых месцаў: па чатыры залатыя, сярэбраныя і бронзавыя медалі. Абсалютнае першынство заваявала каманда Ніжагародскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя М.І. Лабачэўскага (Расія). Залатымі прызёрамі прызнаны таксама студэнты Сеульскага нацыянальнага ўніверсітэта (Паўднёвая Карэя), Універсітэта ІТМО і Маскоўскага фізіка-тэхнічнага інстытута (Расія). Бронза на рахунку каманд Харкаўскага нацыянальнага ўніверсітэта радыёэлектронікі (Украіна), Ілінойскага ўніверсітэта ва Урбане-Шампейне (ЗША), Вышэйшай школы эканомікі (Расія) і Масачусецкага тэхналагічнага інстытута (ЗША).

Усяго ў Маскве спаборнічалі 117 каманд з 63 краін свету. Асаблівасцю маскоўскага фіналу стала павелічэнне колькасці заданняў да 15, на кожную каманду было выдзелена для гэтага па тры камп’ютары. Раней прапаноўвалася каля 12 задач і адзін камп’ютар.

Чэмпіянат свету па праграмаванні сярод студэнтаў з’яўляецца буйнейшым міжнародным спаборніцтвам маладзёжнай эліты сусветнага праграмавання. Ён праводзіцца з 1977 года Асацыяцыяй вылічальнай тэхнікі ACM у тры этапы. У 2020 годзе фінал ICPC быў перанесены з-за пандэміі. Беларускія каманды пачалі свой удзел у чэмпіянаце свету па праграмаванні сярод студэнтаў у 1995 годзе. За ўсю гісторыю ўдзелу ў чэмпіянаце ў скарбонцы БДУ ёсць залаты медаль (2004, Чэхія), бронза (2008, Канада) і дзве сярэбраныя ўзнагароды (2012, Польшча і 2013, Расія).

Наступны фінал ICPC, які адбудзецца ў Бангладэш, запланаваны на лістапад 2022 года.

Источник

Похожие статьи

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Кнопка «Наверх»
Закрыть