Кабмін Малдовы адобрыў увядзенне рэжыму ЧП з-за энергетычнага крызісу
Фота з архіва
22 кастрычніка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Кабінет міністраў Малдовы адобрыў увядзенне рэжыму надзвычайнага становішча па ўсёй краіне на 30 дзён з-за энергетычнага крызісу.
Урад прадставіць на разгляд Заканадаўчага сходу праект пастановы аб аб’яўленні надзвычайнага становішча.
Паводле слоў прэм’ер-міністра Наталлі Гаўрыліцы, рэжым ЧП дазваляе ўраду закупляць газ у спрошчаным парадку, у тым ліку шляхам адступлення ад нарматыўных палажэнняў. У гэты перыяд улады таксама могуць каардынаваць дзейнасць СМІ ў паведамленнях аб прычынах і маштабах надзвычайнай сітуацыі і правілах паводзін, удакладняе ТАСС.
Таксама прэм’ер-міністр Малдовы заявіла, што ўрад прадоўжыць перагаворы з “Газпрамам” аб новым кантракце на пастаўку паліва, але вымушаны закупіць газ у альтэрнатыўных пастаўшчыкоў, каб пераадолець крызіс у энергетыцы. Такая мера, паводле яе слоў, неабходна, паколькі ціск у трубаправодах краіны крытычна знізіўся, а пастаўляемыя аб’ёмы газу ў кастрычніку пакрываліся толькі на 67 працэнтаў з-за адсутнасці дагавора з расійскім пастаўшчыком.-0-