Ягор Шарамкоў і Святаслаў Драніцкі выступяць на ЧС па спартыўнай гімнастыцы ў Японіі
Фота з архіва
18 кастрычніка, Мінск . Двое беларусаў, Ягор Шарамкоў і Святаслаў Драніцкі, прадставяць Беларусь на чэмпіянаце свету па спартыўнай гімнастыцы, які стартаваў у Кітакюсю (Японія), паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе Беларускай асацыяцыі гімнастыкі.
На планетарны форум ад Беларусі адправіліся прызёр чэмпіянату Еўропы Ягор Шарамкоў і пераможца юніёрскага чэмпіянату Еўропы Святаслаў Драніцкі. Усяго на турніры выступяць 300 гімнастаў з 56 краін, якія разыграюць 12 камплектаў узнагарод: 7 у мужчын і 5 у жанчын. Адзначым, што па традыцыі на посталімпійскіх турнірах не разыгрываюцца ўзнагароды ў камандным мнагабор’і.
Паведамляецца таксама, што шэраг лідараў у гэтым відзе спорту чэмпіянат свету, які ўпершыню за доўгі час праходзіць у алімпійскі год, прапусцяць.
Тым не менш у Кітакюсю выступяць пяць алімпійскіх чэмпіёнаў Токіа: японец Хасімота Даікі, Рэбека Андрадэ з Бразіліі, расіянкі Ангеліна Мельнікава і Уладзіслава Уразава і Шын Джахван з Рэспублікі Карэя. Акрамя таго, за медалі чэмпіянату свету пазмагаецца ўраджэнец горада ў прэфектуры Фукуока, які прымае спаборніцтвы, трохразовы алімпійскі чэмпіён, шматразовы чэмпіён свету Кахэй Уцімура.
Фінальныя старты ў асабістым мнагабор’і пройдуць 21 (жанчыны) і 22 кастрычніка (мужчыны). Вырашальныя спаборніцтвы ў асобных відах праграмы намечаны на 23-24 кастрычніка.
Трансляцыі з Японіі правядзе тэлеканал “Беларусь-5”.