Хакеісты мінскага “Дынама” перамаглі “Барыс” у матчы чэмпіянату КХЛ
20 кастрычніка, Мінск . Хакеісты мінскага “Дынама” перамаглі “Барыс” у матчы рэгулярнага чэмпіянату КХЛ. Паядынак завяршыўся на карысць падапечных Крэйга Вудкрафта – 6:5 (2:2, 1:2, 3:1),
Мінчане аказаліся ў ролі даганяючых ужо на 45-й секундзе матчу. Хакеісты “Барыса” як па нотах разыгралі вокамгненную камбінацыю. У яе завяршальнай фазе Кірыл Савіцкі аддаў дакладны пас на забытага каля варот беларускай дружыны Якаба Лілью, які не прамахнуўся.
Натхнёныя такім ходам падзей казахстанскія хакеісты прадоўжылі націск і на восьмай мінуце Якаб Лілья аформіў галявы дубль. Сяргей Бальшакоў, які дэбютаваў за сталічны клуб, адбіў шайбу перад сабой і шведскі хакеіст скарыстаўся гэтай памылкай галкіпера “зуброў”.
Калі першы перыяд прайшоў экватар, мінчане нарэшце пачалі гуляць так, як гэтага чакалі ад іх балельшчыкі. Такая перамена адразу ж паўплывала на рэзультат.
На 11-й мінуце сустрэчы “зубры” адыгралі адну шайбу. Лукас Бенгтсан кінуў па варотах сапернікаў і Арцём Дзямкоў удачна падставіў клюшку. “Дынама” пайшло наперад і на 15-й мінуце эфектнае ўзяцце варот запісаў на свой рахунак Марыа Кемпэ. Аднак шайба залічана не была. Суддзі палічылі, што нападаючы мінчан згуляў высока ўзнятай клюшкай. Зрэшты, трывожны званок для “Барыса” празвінеў.
У час, які застаўся да перапынку, дынамаўцы прыбавілі ў скорасці і прымусілі добра папрацаваць галкіпера “Барыса”. На апошняй мінуце перыяду Ёні Орціа не змог дапамагчы свайму клубу. Маціяс Тэдэнбю па-майстэрску згуляў на дабіванні пасля кідка Мальтэ Стрэмваля.
Натхнёныя поспехам хакеісты “Дынама” арганізавалі сапраўдны штурм варот “Барыса” ў дэбюце другой трэці паядынку. Аднак усе іх спробы выйсці наперад аказаліся марнымі. Каманда з Нур-Султана, якая перацярпела націск гаспадароў лёду, змагла прымусіць мінчан парушыць правілы. Арцём Дзямкоў атрымаў 4 мінуты за гульню высока паднятай клюшкай. Большасць моцным кідком здалёк рэалізаваў Дарэн Дзітц.
У канцы другога перыяду каманды і зусім абмяняліся закінутымі шайбамі.
Спачатку на 36-й мінуце Маціяс Тэдэнбю падставіў клюшку пад кідок Паўла Усава і зраўнаваў лік, а менш чым праз мінуту Дарэн Дзітц зноў вывеў сваю каманду наперад.
Да другога перапынку шайба практычна не пакідала зону “Барыса”, але гола ад сваіх любімцаў мінскія балельшчыкі не дачакаліся.
Трэці перыяд гаспадары лёду пачалі асцярожнымі адказамі на выпады казахстанцаў. Паступова ініцыятыва перайшла да “зуброў”, а іх сапернікі дзейнічалі на ўтрыманне перавагі.
Такая тактыка згуляла з камандай з Нур-Султана злы жарт. На 46-й мінуце шайбу закінуў Ілья Усаў, які скарыстаўся кідком Тэйлара Бэка на пятак каля варот гасцявой дружыны. Варатар і абаронцы “Барыса” былі бяссільныя.
Другую палавіну заключнага адрэзка матчу каманды правялі на сустрэчных курсах. Першымі з гульні без аглядкі на ўласныя вароты атрымалі карысць мінчане. За ўдар клюшкай аказаўся на лаўцы штрафнікоў Якаб Берглунд і Марыа Кемпэ пакараў “Барыс” закінутай шайбай, сарыентаваўшыся на дабіванні каля чужых варот. Пасля гэтага казахстанцы прадоўжылі гульню ў поўным складзе, але яшчэ аднаго гола яны не пазбегнулі. Тайлер Граавац павялічыў перавагу “зуброў” да двух галоў. Шайба ад канька форварда зрыкашэціла ў канёк абаронцы і аказалася ў сетцы. На гэты раз відэапаўтор паказаў, што мінчане вызначыліся ў рамках правіл. Пасля гола фінскі галкіпер пакінуў вароты “барсаў”. На лёд выйшаў Мікіта Баяркін.
Натхніўшыся парадмі свайго настаўніка з лаўкі запасных, ігракі каманды з Нур-Султана змаглі адказаць на закінутыя шайбы мінчан.
Якаб Лілья аформіў хет-трык, скарыстаўшыся некаторай неразбярыхай каля варот беларускага клуба.
Спробы змяніць лік з боку хакеістаў дзвюх каманд ні да чаго не прывялі, валявая перамога мінскага “Дынама”.