Галоўчанка: усе нядаўна ўстаноўленыя месцы пахаванняў часоў ВАВ будуць мемарыялізаваны
Фота з архіва
21 кастрычніка, Мінск . Усе нядаўна ўстаноўленыя месцы пахаванняў часоў Вялікай Айчыннай вайны будуць мемарыялізаваны, заявіў сёння журналістам прэм’ер-міністр Раман Галоўчанка,
“Мы думалі, што нашы папярэднікі зрабілі дастаткова для таго, каб устанавіць усе памятныя мясціны, звязаныя з падзеямі Вялікай Айчыннай вайны, мемарыялізаваць месцы масавых пакаранняў смерцю беларускага народа. Сапраўды, была праведзена вельмі вялікая работа, але маштаб гэтай трагедыі настолькі вялізны, што, напэўна, за ўсе пасляваенныя гады, Савецкага Саюза і часоў ужо незалежнасці Беларусі мы не змаглі дасягнуць стапрацэнтнага выніку, і з улікам пастаянна выкрываемых новых фактаў і абставін на гэта спатрэбяцца яшчэ доўгія гады, – сказаў Раман Галоўчанка. – Уся беларуская зямля – помнік тых злачынстваў, якія чынілі захопнікі ў нашай краіне. Гэта работа (па ўсталяванні месцаў пахаванняў часоў ВАВ. – Заўвага БЕЛТА) актывізавалася ў рамках узбуджанай Генеральнай пракуратурай крымінальнай справы па факце генацыду беларускага народа. За кароткі перыяд часу, пачынаючы з лета, праведзена ўжо вялікая работа і выкрываюцца ўсё новыя страшныя падзеі тых дзён. Гэта работа будзе прадаўжацца да той пары, пакуль не будуць устаноўлены ўсе месцы расправы над мірным насельніцтвам і ваеннапалоннымі на тэрыторыі нашай краіны. У будучым усе мясціны, якія дагэтуль былі невядомымі, будуць мемарыялізаваны. Будзе ўвекавечана памяць ахвяр. А пракурорскія работнікі ў рамках расследавання далучаюць да матэрыялаў крымінальнай справы гэтыя страшныя знаходкі, якія будуць пацвярджаць факты генацыду беларускага народа ў перыяд 1941-1944 гадоў”.
Сёння ў лясным масіве паблізу ўезду на палігон 120-й асобнай гвардзейскай механізаванай брыгады праводзіцца агляд і выманне касцявых астанкаў і іншых прадметаў з раскапанай ямы-магілы часоў Вялікай Айчыннай вайны – месца масавага пахавання мірных жыхароў і ваеннаслужачых, устаноўленага ў ходзе расследавання крымінальнай справы аб генацыдзе.
Генпракуратура ў ходзе расследавання крымінальнай справы аб генацыдзе атрымала звесткі аб наяўнасці не менш як сямі месцаў масавага пахавання жыхароў паблізу ўрочышча Уручча. Паводле архіўных звестак, колькасць пахаваных там з 1941 па 1944 год перасягнула 38 тыс. чалавек. Уважлівы аналіз атрыманай следствам інфармацыі з розных крыніц дазволіў выявіць у лясным масіве паблізу ўезду на палігон адно з такіх месцаў – там могуць знаходзіцца астанкі больш як 8 тыс. чалавек.
“Што датычыцца гэтага месца непасрэдна, то яго важнасць вельмі вялікая. Гэта даволі вялікае, калі можна так сказаць, па колькасці ахвяр месца злачынства нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Каля Мінска да сённяшняга дня было вядома некалькі такіх месцаў масавых пахаванняў. Гэта вядомы мемарыял “Трасцянец”, лагер у Масюкоўшчыне, “Дразды” – месца расстрэлу савецкіх ваеннапалонных і гэта, напэўна, чацвёртае месца, якое цяпер устаноўлена. Пра яго існаванне было вядома. Адразу пасля вайны ў рамках работы Надзвычайнай камісіі па расследаванні злачынстваў нямецка-фашысцкіх захопнікаў на тэрыторыі БССР было ўстаноўлена месца масавых расстрэлаў мірнага насельніцтва, савецкіх ваеннапалонных. Гэта шэраг масавых пахаванняў. Але, на жаль, у той час не было прынята дастатковых мер для таго, каб зафіксаваць іх і мемарыялізаваць. Можа, не да таго было, трэба было краіну аднаўляць тэрмінова. Таму, на жаль, арыенціры згубіліся, – адзначыў прэм’ер-міністр. – Ведалі аб тым, што недзе ў гэтым раёне знаходзіцца масавае пахаванне, і абеліск на 9-м км Маскоўскай шашы якраз адносіцца да гэтых падзей”.
Раман Галоўчанка падкрэсліў, што ваеннаслужачымі і работнікамі пракуратуры было прыкладзена нямала намаганняў для таго, каб ідэнтыфікаваць месца масавага расстрэлу савецкіх грамадзян. “І далей будзе весціся работа па ўсталяванні астатніх ям-магіл. Паводле падлікаў камісіі, не менш за 30 тыс. грамадзян (мірнага насельніцтва, ваеннаслужачых) тут пахаваны. Таму работа будзе прадоўжана па пошуку і, вядома, будзе праводзіцца ўвекавечванне іх памяці. Пакуль вызначаецца: ці гэта будзе перапахаванне да існуючых мемарыялаў, ці будзе стварэнне новага мемарыяла. Гэта залежыць ад многіх фактараў, – дадаў ён. – У такіх месцах асабліва востра адчуваеш тое, што адбывалася з нашым народам, людзьмі, якія выпрабаванні яны зведалі, наколькі бесчалавечнымі былі агрэсары, захопнікі. Адбывалася гэта зусім нядаўна па гістарычных мерках, таму гэта жывая матэрыя памяці, адчуванне таго, калі закатаваныя нашы продкі глядзяць ужо на нас зверху і, напэўна, даюць нам магчымасць успомніць і захаваць гэту памяць. Зрабіць усё, каб такога больш не паўтарылася”.
Раскопкі будуць прадаўжацца да таго часу, пакуль не будуць устаноўлены ўсе абставіны зверстваў, якія чыніліся тут у гады вайны.