Фатаграфіі, скульптуры і графіку Сямёна Маталянца прэзентуюць на выставе ў НЦСМ
Фота НЦСМ
21 верасня, Мінск . Адкрыццё персанальнай выставы Сямёна Маталянца “Палавіна” адбудзецца 23 верасня ў Нацыянальным цэнтры сучасных мастацтваў, паведамілі БЕЛТА ва ўстанове культуры.
“Мне падабаецца беларускі кантэкст, дзе ёсць магчымасць вярнуцца да мовы, якая не будзе завязанай на вельмі тонкія рэчы, будзе зразумелай не толькі вузкай супольнасці, але і кожнаму чалавеку. Мне важна растварыць межы ў вызначэнні значэння мастацтва. Калі я рыхтуюся паказвацца ў Беларусі, мне не столькі важны характар самой пляцоўкі, колькі неабходнасць сфарміраваць пэўнае асяроддзе разумення. Гэта нельга зрабіць у галаве, а толькі прадэманстраваць на вачах публікі, на стыку грамадскай думкі і майго выказвання – гэта такое намацванне”, – адзначыў Сямён Маталянец.
На выставе можна будзе ўбачыць аб’екты, серыю фатаграфій, скульптуру і графіку, якія створаны аўтарам у бягучым годзе. Праект будзе суправаджацца яго невялікімі каментарыямі. “Я паспрабую намацаць глядацкую ўвагу, атрымаць водгук, наладзіць узаемадзеянне і ў сваю чаргу атрымаць вопыт – усвядоміць, дзе ёсць паняційныя зазоры непрыняцця, дзе зламаны механізмы, што, наадварот, працуе”, – дадаў ён.
Сямён Маталянец нарадзіўся і пачаў сваю мастацкую адукацыю ў Беларусі, потым скончыў аддзяленне манументальна-дэкаратыўнага жывапісу Санкт-Пецярбургскай дзяржаўнай мастацка-прамысловай Акадэміі імя А.Л.Штыгліца і прайшоў праграму “Сучаснае мастацтва” фонду “ПРО АРТЕ”. Ён злучыў устаноўкі класічнай постсавецкай жывапіснай адукацыі з найноўшай фармацыяй навучання ў сферы актуальнага мастацтва. Малады мастак працуе пераважна ў жанры перформансу, інсталяцыі і аб’екта. У яго творчасці таксама сустракаюцца графічныя, жывапісныя і нават літаратурныя творы. Ён актыўна ўдзельнічае ў групавых выставачных праектах з 2006 года, а таксама ўваходзіць у склад творчага аб’яднання PARAZIT і з’яўляецца адным са стваральнікаў арт-групы “Мыла”. Мастак – лаўрэат прэміі ў галіне сучаснага візуальнага мастацтва “Інавацыя-2009”, намінант прэміі Кандзінскага. Яго працы знаходзяцца ў фондах Дзяржаўнай Траццякоўскай галерэі, Дзяржаўнага Рускага музея і Музея нонканфармісцкага мастацтва ў Санкт-Пецярбургу, Музея сучаснага мастацтва “ПЕРММ”, у прыватных калекцыях Расіі, Швейцарыі, Германіі.
Экспазіцыя прадоўжыцца да 31 кастрычніка.