Без рубрики

ENSREG адобрыць справаздачу аб партнёрскім аглядзе нацплана па выніках стрэс-тэстаў БелАЭС у канцы лістапада


Алег Собалеў

6 кастрычніка, Мінск . Еўрапейская група рэгулятараў ядзернай бяспекі (ENSREG) адобрыць справаздачу аб партнёрскім аглядзе нацыянальнага плана дзеянняў па выніках правядзення стрэс-тэстаў Беларускай АЭС у канцы лістапада. Аб гэтым паведаміў сёння журналістам кансультант Дзяржатамнагляду Алег Собалеў у прэс-цэнтры .

ENSREG праводзіць партнёрскі агляд нацыянальнага плана дзеянняў па выніках стрэс-тэстаў станцыі. “Эксперты глядзяць, якім чынам мы адрэагавалі на прапановы, якія былі вылучаны на ўсіх этапах стрэс-тэстаў, якое адлюстраванне рэкамендацыі знайшлі ў мерапрыемствах нацыянальнага плана, як праходзіць яго рэалізацыя. Партнёрскі агляд быў разбіты на дзве фазы. Першая адбылася ў пачатку бягучага года. Эксперты аналізавалі сем прыярытэтных пытанняў, якія, з іх пункту гледжання, было важна вывучыць да ўводу ў эксплуатацыю першага энергаблока БелАЭС. Была падрыхтавана папярэдняя справаздача аб партнёрскім аглядзе. Асноўная выснова, якую зрабілі на першым этапе эксперты ENSREG: Беларусь належным чынам улічыла рэкамендацыі, спланавала і рэалізавала мерапрыемствы па сямі прыярытэтных пытаннях”, – падкрэсліў Алег Собалеў.

Цяпер блізкая да завяршэння другая фаза партнёрскага агляду. “Зноў была серыя экспертных кансультацый у фармаце відэаканферэнцыі і візіт каманды экспертаў на пляцоўку БелАЭС. На бліжэйшым пасяджэнні ENSREG, якое чакаецца ў канцы лістапада, будзе разгледжана канчатковая справаздача аб партнёрскім аглядзе. Як толькі пасяджэнне адбудзецца, мы апублікуем гэты дакумент”, – адзначыў прадстаўнік Дзяржатамнагляду.

Беларусь на добраахвотнай аснове правяла ў 2016-2018 гадах стрэс-тэсты БелАЭС па метадалогіі ЕС. Пры гэтым ацэньвалася наяўнасць “запасаў бяспекі” над патрабаваннямі, устаноўленымі нацыянальным заканадаўствам. Крытэрыі стрэс-тэстаў уключалі праверку надзейнасці атамнай станцыі на выпадак стыхійных бедстваў, у прыватнасці землетрасенняў і паводак, а таксама розных тэхнагенных аварый. Акрамя таго, аналізаваліся рызыкі, звязаныя з чалавечым фактарам. У выніку дэфіцытаў бяспекі на АЭС не выяўлена. Па выніках стрэс-тэстаў нацыянальным рэгулятарам – Дзяржатамнаглядам – быў падрыхтаваны нацыянальны план дзеянняў, які абагульніў як рэкамендацыі па выніках нацыянальнай экспертызы, так і рэкамендацыі экспертаў еўрапейскай партнёрскай праверкі. “Мы да канца гэтага месяца актуалізуем статус выканання мерапрыемстваў нацыянальнага плана і апублікуем на сайце Дзяржатамнагляду”, – дадаў Алег Собалеў.

Акрамя таго, начальнік аддзела навукі і інфармацыі Дзяржатамнагляду Дзмітрый Паўлаў прадставіў штогадовы агляд стану ядзернай і радыяцыйнай бяспекі ў Беларусі за 2020 год. Дакумент падрыхтаваны ў супрацоўніцтве з Міністэрствам энергетыкі ў асобе “Белэнерга”, Міністэрствам аховы здароўя, Мінпрыроды, МЗС, Аб’яднаным інстытутам энергетычных і ядзерных даследаванняў “Сосны” НАН, а таксама структурнымі падраздзяленнямі МНС. Ён прадстаўлены на сайце Дзяржатамнагляду. “Агляд змяшчае інфармацыю аб асноўных мерапрыемствах і падзеях у галіне рэгулявання радыяцыйнай бяспекі за мінулы год. Значная частка матэрыялаў прысвечана забеспячэнню бяспекі БелАЭС. Асаблівая ўвага ўдзелена і ўдасканаленню нарматыўнай прававой базы. На працягу 2020 года быў прыняты шэраг дакументаў, якімі ўстанаўліваліся новыя патрабаванні ў галіне забеспячэння радыяцыйнай бяспекі. Неабходнасць развіцця ядзернага права ўжо наспела і рашэнні прыняты”, – падкрэсліў Дзмітрый Паўлаў.

Источник

Похожие статьи

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Кнопка «Наверх»
Закрыть