Экспазіцыю “Вальтэр Віхман: Беларусь 1941” прэзентавалі ў музеі ВАВ
Фота з архіва
12 кастрычніка, Мінск . Часовая экспазіцыя “Вальтэр Віхман: Беларусь 1941” адкрылася ў Беларускім дзяржаўным музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, паведамілі БЕЛТА ва ўстанове культуры.
Мастацкая выстава створана на аснове 32 графічных работ нямецкага мастака і жывапісца Вальтэра Віхмана. Паводле слоў арганізатараў, ён стаў сведкам жахаў і жудасных пакут людзей, калі быў маладым мастаком і ўдзельнікам вайны гітлераўскай Германіі супраць Савецкага Саюза. І тады ўсё, што адбывалася навокал, ён актыўна зарысоўваў: смерць, боль, пакуты, разруху.
“Дзякуючы чуламу ўспрыманню навакольнага свету мастак стварыў серыю графічных твораў пад назвай “Беларусь 1941″. У ёй адлюстраваны разбураныя беларускія гарады: Мінск, Бялынічы, Магілёў, Орша. Усе гэтыя эскізы, акварэлі, зарысоўкі алоўкам уяўляюць сабой мастацкія сведчанні таго страшнага і цяжкага часу”, – дадалі ў музеі.
Экспануемыя работы былі перададзены ў музей ВАВ нявесткай мастака Элізабет Віхман. Асобныя малюнкі дапоўнены фатаграфіямі з фондаў Нацыянальнага гістарычнага музея і Беларускага дзяржаўнага архіва кінафотафонадакументаў.