Экспазіцыю “Пяшчотная, мілая, добрая” прэзентавалі ў НББ да Дня маці
Фота nlb.by
11 кастрычніка, Мінск . Кніжная выстаўка да Дня маці “Пяшчотная, мілая, добрая” адкрылася сёння ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі, паведамілі БЕЛТА ў НББ.
У экспазіцыі прадставілі амаль 100 сучасных выданняў на важныя для кожнай клапатлівай маці тэмы: выхаванне дзяцей, здароўе, правільнае харчаванне, захаванне сямейных традыцый і ўкладу, камфорт у доме. Напрыклад, сярод прадстаўленых кніг ёсць зборнік “Ад шчырага сэрца”, з якога наведвальнікі могуць даведацца аб маці знакамітых айчынных пісьменнікаў, мастакоў, рэжысёраў, а таксама вядомых прадстаўнікоў творчых прафесій. На выстаўцы можна ўбачыць кнігі аб беларускіх маці-гераінях, якія выхавалі пяць і больш дзяцей.
“Матчына любоў і пяшчота нараджае ў нас імкненне памнажаць дабрыню, дарыць яе людзям і змяняць жыццё да лепшага. У Беларусі Дзень маці супадае з вялікім праваслаўным святам – Пакровам Прасвятой Багародзіцы. Гэты Дзень сімвалізуе асаблівае стаўленне дзяржавы і кожнага чалавека да жанчыны-маці, якая з’яўляецца захавальніцай дамашняга цяпла, дабра і маральнасці. Яе стваральная роля, пазітыўныя жыццёвыя арыенціры дзяцей – тыя асновы, без якіх немагчыма ўмацаванне прэстыжу сям’і, духоўнае адраджэнне грамадства і паўнацэннае развіццё дзяржавы”, – адзначылі ў НББ.
Асобны раздзел выстаўкі называецца “Вобраз маці ў хрысціянстве” і ўключае літаратуру аб жыцці Божай Маці, прысвечаных ёй абразах. У гэтай частцы выставачнага праекта таксама прадстаўлены праваслаўныя энцыклапедыі і кнігі, звязаныя з гісторыяй здабыцця абраза Божай Маці Мінскай – адной з галоўных праваслаўных святынь Беларусі.
Арганізатары адзначаюць, што экспазіцыя будзе цікава шырокаму колу чытачоў, асабліва маладым жанчынам, якія змогуць атрымаць шмат карысных парад і рэкамендацый. Выстаўка працуе да 31 кастрычніка.