Эколагі раскрытыкавалі Польшчу за высечку дрэў у Белавежскай пушчы
Фота з архіва
13 кастрычніка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Польскія актывісты-эколагі раскрытыкавалі аднаўленне высечкі дрэў у запаведнай Белавежскай пушчы – некранутых лясах на граніцы Польшчы і Беларусі, паведамляе Deutsche Welle.
“Гэтыя работы разбураюць прыроду лесу і парушаюць дзеючае заканадаўства”, – гаворыцца ў сумеснай заяве, абнародаванай польскім філіялам “Грынпіс” і экалагічнай арганізацыяй Wild Poland.
Агенцтва лясной гаспадаркі Польшчы на сваім вэб-сайце пацвердзіла: вядуцца работы па “захаванні лесу”. Эколагі сцвярджаюць, што гэтыя работы не маюць нічога агульнага з аховай прыроды, і заклікаюць неадкладна спыніць іх.
Варшава пачала высечку лесу ў 2016 годзе, растлумачыўшы гэта распаўсюджваннем жука-караеда. Еўрапейскі суд у Люксембургу яшчэ ў 2018 годзе пастанавіў, што знішчэнне лесу ў Белавежскай пушчы супярэчыць заканадаўству ЕС аб ахове навакольнага асяроддзя.
Еўракамісія ў пачатку 2021 года заклікала Варшаву выконваць рашэнне суда. На думку Бруселя, некаторыя раёны Белавежскай пушчы з’яўляюцца “зонай агульнага значэння” з-за распаўсюджаных там рэдкіх відаў жывёл і раслін. Белавежская пушча займае плошчу больш як 150 тыс. га. Некаторыя яе раёны аб’яўлены аб’ектамі сусветнай прыроднай спадчыны і біясферным запаведнікам. Наведвальнікам там дазволена перамяшчацца толькі па ўстаноўленых маршрутах.-0-