Без рубрики

Да 90-годдзя з дня нараджэння народнага паэта Беларусі Ніла Гілевіча (дасье БЕЛТА)


Ніл Гілевіч, 2002 год. Фота з сямейнага архіва

Народны паэт Беларусі, драматург, літаратуразнавец, перакладчык, вучоны, кандыдат філалагічных навук, прафесар Ніл Сямёнавіч Гілевіч нарадзіўся ў сялянскай сям’і 30 верасня 1931 года ў вёсцы Слабада Лагойскага раёна Мінскай вобласці.

У Слабадзе прайшло ўсё дзяцінства Гілевіча, у тым ліку ў акупацыйныя гады. Пасля заканчэння Другой сусветнай вайны ён працаваў паштальёнам, у 1947 годзе пераехаў у Мінск. У 1951 годзе скончыў Мінскае педагагічнае вучылішча імя Н.К.Крупскай, у 1956 годзе – філалагічны факультэт БДУ. Вучыўся ў аспірантуры. З 1960 года выкладаў на кафедры беларускай літаратуры БДУ. У 1980-1989 гадах быў першым сакратаром праўлення Саюза пісьменнікаў Беларусі. У 1990-1996 гадах – старшыня пастаяннай камісіі Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь па адукацыі, культуры і захаванні гістарычнай спадчыны. З 1958 па 1963 год працаваў літаратурным кансультантам газеты “Звязда”.

Кожны беларус з дзяцінства знаёмы з творчасцю Ніла Гілевіча, які пакінуў пасля сябе надзвычай багатую творчую спадчыну – зборнікі вершаў, п’есы, аповесці і шмат іншага. Інтэлектуальнасць, культура пачуццяў, шырыня поглядаў, глыбіня асабіста перажытага – важныя рысы творчасці Ніла Гілевіча. Яго творы ўвабралі ў сябе ўсё, што прыналежыць беларускай зямлі: яе гісторыю, характар, душу, дух яе высокіх аблокаў і імклівых ручаёў, прасторных дарог і вузенькіх сцежачак, бязмежных палёў і маленькіх пылінак.

Пісаць вершы Ніл Гілевіч пачаў яшчэ ў дзяцінстве. На старонках друку дэбютаваў у 15-гадовым узросце вершам “Яблынька” (1946 год) у часопісе “Бярозка”. Першы зборнік Ніла Гілевіча пад назвай “Песня ў дарогу” выйшаў у 1957 годзе. У творах зборнікаў “Прадвесне ідзе па зямлі” (1959) і “Неспакой” (1961) праявіліся эскізы асноўных сюжэтаў і вобразаў, якія пазней сталі паэтычнай дамінантай Ніла Гілевіча: матывы маці і роднай матчынай мовы прыраўноўваюцца да малой Радзімы, да маці-Беларусі, беларускай народнай песні, якая сімвалізавала душу нацыі, яе самабытную культуру.

Вершы і паэмы Ніла Гілевіча вызначаюцца шчырым лірызмам. Яго пяру належаць раман у вершах “Родныя дзеці” (1985 год), першы ў беларускай паэзіі вянок санетаў “Нарач” (1964 год), аўтабіяграфічная аповесць “Перажыўшы вайну” (1988 год).

Раману “Родныя дзеці” паэт аддаў 12 гадоў натхнёнай і самаадданай працы. Твор рыхтаваўся паступова: яго вобразы, матывы і фрагменты сустракаюцца ў папярэдніх кнігах. На старонках рамана публіцыстычны пафас, накіраваны супраць бездухоўнасці, пераклікаецца з іроніяй, калючым смехам, здаровым народным гумарам.

Многія лірычныя вершы Ніла Гілевіча натхнілі беларускіх кампазітараў на стварэнне музычных твораў. Больш за 100 вершаў паэта пакладзены на музыку і выдадзены ў песенных зборніках. Сярод яркіх прыкладаў сумеснай творчасці Ніла Гілевіча і кампазітара Эдуарда Ханка – песня на твор “Вы шуміце, бярозы”, якая пакарыла ўвесь свет і стала сапраўдным хітом (пад назвай “А я лягу-прылягу” песню выканалі “Сябры”). “Больш блізкага яднання, чым музыка і паэзія, я не бачыў”, – гаварыў Ніл Сямёнавіч.

Шмат сіл ён аддаў збіранню вуснай народнай творчасці, не адзін раз выязджаў у фальклорныя экспедыцыі. Пад рэдакцыяй Ніла Гілевіча выйшлі некалькі тамоў беларускага фальклору ў сучасных запісах. Сярод іх “Песні сямі вёсак” (1973), “Песні народных свят і абрадаў” (1974), “Лірычныя песні” (1976), “Лірыка беларускага вяселля” (1979), “Народныя казкі, байкі, апавяданні і мудраслоўі” (1983).

Паэму “Сказ пра Лысую гару” можна назваць першым паэтычным бестселерам у гісторыі Беларусі, кніга разышлася вялізным тыражом у памеры 160 тыс. экзэмпляраў. Звыш 30 гадоў яна выходзіла пад аўтарствам Францішка Ведзьмака-Лысагорскага, а ў 2003 годзе нарэшце была выдадзена пад імем Ніла Гілевіча.

Ніл Гілевіч пераклаў на беларускую мову звыш 400 твораў, перакладаў у асноўным са славянскіх моў – балгарскай і славацкай. Значныя яго дасягненні ў літаратуразнаўчай навуцы і драматургіі.

Ніл Гілевіч – заслужаны дзеяч навукі, кандыдат філасофскіх навук, прафесар. Заслугі народнага паэта адзначаны многімі ордэнамі і медалямі не толькі на радзіме, але і за мяжой. За кнігу “У добрай згодзе” ў 1980 годзе Нілу Гілевічу была прысуджана Дзяржаўная прэмія БССР імя Янкі Купалы. Званне народнага паэта Ніл Сямёнавіч атрымаў у 1991 годзе за вялікія заслугі ў развіцці беларускай мастацкай літаратуры.

Класік беларускай літаратуры заўсёды прытрымліваўся прынцыпу: “Працуй так, нібыта будзеш жыць вечна”. І яго працы сапраўды будуць жыць вечна, памяць пра Ніла Гілевіча як аднаго з яркіх майстроў слова захаваецца ў сэрцах аматараў беларускай літаратуры.

У канцы 2013 года выйшла апошняя кніга з 23-томнага збору твораў Ніла Гілевіча. У 2015 годзе выдадзены зборнік эсэ і ўспамінаў Ніла Сямёнавіча “У віры быцця”.

Ніл Гілевіч памёр 29 сакавіка 2016 года ва ўзросце 84 гадоў, пахаваны на Кальварыйскіх могілках у Мінску.

Я – беларус, я нарадзiўся

На гэтай казачнай зямлi,

Дзе мiж лясоў i пушчаў дзiкiх

Адвеку прашчуры жылi.

Я – беларус, я ганаруся,

Што маю гэтае iмя:

Аб добрай славе Беларусi

У свеце знаюць нездарма! (Ніл Гілевіч).

Источник

Похожие статьи

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Кнопка «Наверх»
Закрыть