Чаму заява Лукашэнкі аб уплыве кавіду на анкалогію выклікала такі рэзананс? Меркаванне Прэзідэнта | Навіны Беларусі | Беларускія навіны | Беларусь – афіцыйныя навіны | Мінск | БелТА
Фота з архіва
22 кастрычніка, Мінск . Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка сёння на нарадзе з кіраўніцтвам Савета Міністраў, дзе ў тым ліку абмяркоўваліся пытанні барацьбы з пандэміяй COVID-19, пракаменціраваў рэакцыю ў іншых краінах на яго нядаўнюю заяву аб уплыве кавіду на ход анкалагічных захворванняў,
Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што яшчэ на нарадзе па эпідэміялагічнай сітуацыі ў краіне спецыялісты ад медыцыны звярнулі ўвагу на адзін незвычайны факт: COVID-19 “прыдушыў” грып, гэта значыць захворванняў на грып у краіне пакуль практычна не адзначаецца.
“Але што адбылося з анкалогіяй: ужо трэці год у нас пандэмія, два гады дакладна, – пайшоў рэзкі спад выпадкаў анкалагічных захворванняў і рэзкі спад смярцей ад анкалагічных захворванняў. Вучоныя гэта заўважылі”, – сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Паводле яго слоў, медыкі спачатку лічылі, што людзі з анкалогіяй менш звяртаюцца па дапамогу з-за пачатку пандэміі каранавіруса. “Але калі другі год адбываецца гэта зніжэнне, вучоныя пачалі рабіць выснову, што кавід паўплываў і на ход анкалагічных захворванняў. І ў нашым анкацэнтры вучоныя гэта заўважылі і шэптам пачалі размаўляць”, – растлумачыў Прэзідэнт. Кіраўнік дзяржавы расказаў, што вырашыў падрабязней даведацца аб гэтай сітуацыі.
Урачы РНПЦ медыцынскай радыялогіі ў Бараўлянах пацвердзілі гэта меркаванне ў размове з Аляксандрам Лукашэнкам, калі той наведваў медустанову. “Гавару, лепш будзем лячыць кавід, чым анкалогію. Дай бог, каб гэта так было”, – адзначыў ён.
Пасля чаго Прэзідэнт агучыў назіранне вучоных на сустрэчы з работнікамі Мінскай абласной клінічнай бальніцы. Яго заява выклікала вялікі рэзананс у грамадстве і сродках масавай інфармацыі.
“Божа мой, ад Беларусі да Амерыкі – хто толькі ногі не выцірае аб гэту заяву Прэзідэнта. Але я ж не гавару, што кавід лечыць анкалогію. Вось такія факты. І дай бог, каб гэта было, – так было сказана. І кожны чапляецца… Няхай там амерыканцы, еўрапейцы, але ў Расіі ну столькі разумных з’явілася: “Ах, Прэзідэнт не спецыяліст, ён гаворыць, што кавід лечыць анкалогію”. Але я ж так не гавару, – адзначыў кіраўнік дзяржавы. – Чапляюцца да ўсяго”.
“Гэта сведчыць аб тым, што на любы чых рэагуюць вакол. Гэта значыць Беларусь “костка” ў горле. І ў гэтай сітуацыі нам трэба будзе не проста выжыць. Нам трэба злаўчыцца, выкруціцца, выстаяць і захаваць сваю дзяржаву”, – рэзюмаваў Аляксандр Лукашэнка.