Богуш: аб’яднанне ЦТ і школьных экзаменаў разгрузіць уступную кампанію для абітурыентаў
Фота з архіва
18 кастрычніка, Мінск . Аб’яднанне ЦТ і школьных экзаменаў разгрузіць уступную кампанію для абітурыентаў, заявіў рэктар БДУІР, старшыня Рэспубліканскага савета рэктараў Вадзім Богуш 17 кастрычніка ў эфіры тэлеканала СТБ, .
“Гэта не проста механічнае аб’яднанне. Гэта пераўтварэнне самой формы падагульняючай атэстацыі ў школе, якое мае на мэце знізіць нагрузку на абітурыента”, – сказаў Вадзім Богуш.
Паводле яго слоў, школьніку не давядзецца вырашаць дзве задачы адначасова. Ён будзе нацэлены на тое, каб прайсці падагульняючую атэстацыю ў той форме, якая потым спатрэбіцца для фарміравання конкурснай сітуацыі ва ўніверсітэце.
Як растлумачыла ў студыі “Галоўнага эфіру” на тэлеканале “Беларусь 1” дырэктар 51-й мінскай школы Галіна Чэрнік, цяпер пасля 11-га класа вучні здаюць два вусныя экзамены – па гісторыі Беларусі і замежнай мове, а таксама матэматыку і адну з дзяржаўных моў (на выбар вучня). Праз два тыдні ім даводзіцца здаваць цэнтралізаванае тэсціраванне. “Апошнім часам і бацькі, і вучні, і педагогі гаварылі аб тым, што дзеці вельмі нагружаны і выпускнікоў трэба разгрузіць”, – сказала яна.
Як мяркуецца, сумешчаны экзамен будуць здаваць у пунктах цэнтралізаванага тэсціравання. “Выпускныя экзамены па матэматыцы, беларускай або рускай мове будуць праходзіць у пунктах цэнтралізаванага тэсціравання. Адназначна іх колькасць будзе павялічана, каб не трэба было ездзіць далёка, а можна было зрабіць у бліжэйшым ад месцазнаходжання школы населеным пункце”, – адзначыў Вадзім Богуш.