У Кіеве ветэраны-афганцы праводзяць мітынг ля офіса Зяленскага
Фота vesti.ua
19 кастрычніка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У Кіеве праходзіць акцыя Украінскага саюза ветэранаў Афганістана. З раніцы ўдзельнікі сабраліся на мітынг ля сцен офіса прэзідэнта Уладзіміра Зяленскага, паведамляе ўкраінская газета “Вести”.
Прысутныя вылучылі некалькі патрабаванняў да ўлад, сярод якіх асабістая сустрэча з прэзідэнтам Украіны. Яны таксама перакананы, што кіраўнікі Мінсацпалітыкі, Міністэрства аховы здароўя, Мінкультуры і Міністэрства па справах ветэранаў Украіны павінны быць вызвалены ад займаемых імі пасад.
Акрамя таго, удзельнікі мітынгу патрабуюць перагляду ў Вярхоўнай радзе некаторых законапраектаў, якія, на іх думку, звужаюць сацыяльную абарону ветэранаў вайны і ваеннай службы, прыніжаюць іх гонар і годнасць. Прысутныя таксама патрабуюць увядзення дзяржаўнага медстрахавання ветэранаў вайны, стапрацэнтнай меддапамогі ім і забеспячэння жыллём.
Як адзначае выданне, мітынг праходзіць мірна, аднак паліцыя сочыць за парадкам у раёне офіса прэзідэнта.-0-