Лукашэнка назваў галоўнае патрабаванне да сістэмы адукацыі | Навіны Беларусі | Беларускія навіны | Беларусь – афіцыйныя навіны | Мінск | БелТА
Фота з архіва
12 кастрычніка, Мінск . Справядлівае стаўленне да кожнага чалавека – галоўнае патрабаванне да сістэмы адукацыі. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў сёння на нарадзе па абмеркаванні пытанняў заканадаўчага ўдасканалення нацыянальнай сістэмы адукацыі,
Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што свет мяняецца вельмі хутка і нацыянальная сістэма адукацыі павінна гэтак жа аператыўна прыстасоўвацца да павеваў часу.
“І галоўнае маё патрабаванне як кіраўніка дзяржавы – справядлівае стаўленне да кожнага чалавека, забеспячэнне роўных магчымасцей для атрымання адукацыі, – падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. – Вось у плане справядлівасці тут ужо нікуды не дзенешся. Гэта першыя крокі нашых будучых грамадзян. Таму гэтыя першыя крокі павінны быць сумленнымі, прыстойнымі і справядлівымі, у абстаноўцы сумленнасці і справядлівасці”.
Прэзідэнт заявіў, што хацеў бы пачуць пазіцыю кожнага ўдзельніка нарады адносна прапанаваных навацый. Не менш актуальнае, паводле яго слоў, пытанне: наколькі гатова беларуская сістэма адукацыі да новых падыходаў, якія закладваюцца ў кодэкс і правілы прыёму. “Што яны дадуць краіне, вучням, педагогам? Ці не будзе гэта новаўвядзеннем дзеля новаўвядзення? – пацікавіўся кіраўнік дзяржавы. – Напрыклад, хацелася б больш падрабязна пачуць аб увядзенні нацыянальнага дзяржаўнага экзамену, пашырэнні мэтавай падрыхтоўкі. Ці будзе пры такім падыходзе забяспечаны абазначаны мною прынцып?”
Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што за гэтымі змяненнямі важна не страціць магчымасць убачыць кожнага абітурыента. “Давайце вызначымся, як мы будзем прымаць у ВНУ людзей: або мы захаваем цяперашнюю сістэму, што прасцей за ўсё, або ж мы яе істотна мадэрнізуем. Мяне насцярожвае толькі адно: за гэтым цэнтралізаваным тэсціраваннем не заўсёды бачым чалавека. Гэта небяспечна”, – лічыць Прэзідэнт.
“Я хачу вас сарыентаваць на шчыры дыялог, паколькі ў сістэме адукацыі дробязей не бывае. Справа ў тым, што мы ўжо не можам дапусціць ніякіх памылак. Сістэма вызначае ў тым ліку развіццё эканомікі краіны, яе ўстойлівасць да сусветных выклікаў. А гэта ўжо пытанні забеспячэння нацыянальнай бяспекі, – заявіў кіраўнік дзяржавы. – І яшчэ раз: школа павінна быць школай – гэта храм. Усё гэта ў кодэксе павінна быць адлюстравана”.