Сенатары адобрылі законапраект аб змяненні Канстытуцыі Беларусі
Фота з архіва
4 кастрычніка, Мінск . Сенатары на пасяджэнні шостай сесіі Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу сёмага склікання адобрылі законапраект “Аб змяненні Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь”,
“Ініцыятыва аб унясенні змяненняў была выказана ў звароце дэпутацкага корпуса да кіраўніка дзяржавы аб неабходнасці ўнясення змяненняў у дзеючую рэдакцыю Канстытуцыі аб увядзенні адзінага дня галасавання. Гэта ініцыятыва з’явілася ў выніку правядзення дыялогавых пляцовак, зваротаў у грамадскія прыёмныя грамадзян, пісьмовых зваротаў”, – сказаў старшыня Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па заканадаўстве і дзяржаўным будаўніцтве Сяргей Сівец.
Паводле яго слоў, увядзенне адзінага дня галасавання зручна для выбаршчыкаў і выгадна для дзяржавы з фінансавага пункту гледжання. “Паколькі любая электаральная кампанія затратная па сваёй сутнасці, – адзначыў сенатар. – Прэзідэнт падтрымаў ініцыятыву дэпутацкага корпуса, фармалізацыя гэтай ініцыятывы адбылася ў рамках вясенняй сесіі. 25 чэрвеня быў прыняты праект закона аб унясенні змяненняў у Канстытуцыю, у адпаведнасці з якімі ўводзіўся адзіны дзень галасавання і адпаведна прадаўжаліся паўнамоцтвы дэпутатаў мясцовых Саветаў дэпутатаў да правядзення выбараў у Нацыянальны сход восьмага склікання. Інакш кажучы, гэта канец 2023 года”.
Сяргей Сівец падкрэсліў, згодна з патрабаваннямі дзеючай нормы арт. 138 Канстытуцыі неабходны двухразовы разгляд праектаў змяненняў і дапаўненняў у Канстытуцыю з прамежкам не менш як 3 месяцы паміж разглядамі. Гэта дало магчымасць парламентарыям яшчэ раз дасканала разгледзець прапанаваныя навацыі і абмеркаваць іх у час сустрэч з грамадзянамі. Сенатар у час сустрэч у працоўных калектывах акцэнтаваў увагу на гэтай навацыі. “І я не знайшоў ніводнага голасу супраць з боку грамадзян, ніводнага пярэчання, – сказаў ён. – Гэты інстытут успрыняты грамадствам і пойдзе на карысць развіццю грамадства і дзяржавы”.